общежитие 1

Статьи о нас в СМИ: «Настаўніцкая газета» и 1-е общежитие БГЭУ

Дом, у якім мы жывём

02 28, 2017 11:48 

Што больш за ўсё хвалюе зараз адзінаццацікласнікаў і іх бацькоў? Безумоўна, выпускныя экзамены, здача цэнтралізаванага тэсціравання, паступленне. Як і многіх дзевяцікласнікаў, канечне. А калі ўсе гэтыя этапы будуць пройдзены, шчасліўчыкі, якія паступяць у абраную ўстанову адукацыі, задумаюцца над тым, дзе жыць і як жыць. Лепш за ўсё, канечне, у студэнцкім інтэрнаце, прычым толькі ў сталіцы дзясяткі тысяч студэнтаў розных устаноў адукацыі жывуць менавіта там. Ды і сама такая магчымасць — ужо цудоўна, бо месцаў пакуль хапае не кожнаму. Але яшчэ больш шанцуе тым, хто жыве ў лепшых інтэрнатах горада.

Стары інтэрнат на новы лад

Па выніках гарадскога агляду-конкурсу 2016 года лепшым у сваёй намінацыі прызнаны інтэрнат № 1 Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, што на вуліцы Бабруйскай, недалёка ад чыгуначнага і Цэнтральнага аўтобуснага вакзалаў Мінска. Зразумела, “Настаўніцкая газета” не магла не пацікавіцца, што ж вылучае гэты інтэрнат сярод іншых.

общежитие 1

Часовае жыллё для студэнтаў факультэта камерцыі і турыстычнай індустрыі, а ў гэтым (адным з 8 інтэрнатаў БДЭУ) жывуць толькі яны, размяшчаецца ў будынку аж 1956 года пабудовы. Першая думка, калі даведваешся пра гэта: як яны здолелі заняць першае месца, маючы настолькі стары будынак, асабліва пры наяўнасці ў Мінску навюткіх сучасных інтэрнатаў у студэнцкай вёсцы? Аднак здолелі. І таму, што ўніверсітэт капітальна адрамантаваў будынак, і таму, што тут наладжана выхаваўчая работа, студэнцкае самакіраванне, сувязь студэнтаў з адміністрацыяй УВА, арганізаваны вольны час, добраўпарадкавана тэрыторыя. А конкурс на лепшы інтэрнат — гэта не толькі высвятленне таго, у якім з іх лепш арганізаваны быт і ўмовы пражывання, хаця і яны, безумоўна, улічваюцца. Камісія наогул літаральна зазірае ў кожную шчыліну, калі наведвае інтэрнаты (арганізатары агляду-конкурсу — галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама).

Інтэрнат № 1 разлічаны на 242 студэнты, тут амаль столькі пастаянна і пражывае. Адзін пакой на першым паверсе бывае заняты не заўсёды: ён абсталяваны для студэнтаў з фізічнымі асаблівасцямі, і цяпер падчас сесій у ім разам з маці жыве іншагародняя студэнтка-завочніца з праблемамі апорна-рухальнага апарату. Для такіх людзей у інтэрнаце таксама абсталяваны пандусы на вуліцы і ўнутры будынка.

Іншыя студэнты, а ў пераважнай большасці гэта дзяўчаты, жывуць у блоках, дзе размешчаны пакоі на два чалавекі. Хтосьці нават жыве адзін. У кожным блоку свае санвузлы і кухні. З’явіліся гэтыя выгоды тут параўнальна нядаўна: капітальны рамонт, ці, можа, правільней сказаць, маштабная рэканструкцыя скончана ў 2011 годзе і доўжылася прыкладна чатыры гады. Прычым большая частка грошай на рамонт — гэта пазабюджэтныя сродкі ўніверсітэта. А сярод выгод тут ёсць яшчэ спартыўная зала з трэнажорамі і абсталяваннем, гасцёўня на першым паверсе, пакоі для самападрыхтоўкі, пральня, іншыя зручнасці. Дарэчы, усё, уключаючы заняткі ў спартыўнай зале, абсалютна бясплатна. А раней тут быў звычайны інтэрнат калідорнага тыпу са “зручнасцямі” і кухняй на паверсе.

общежитие 1_

Праўда, трапіць у лепшы інтэрнат эканамічнага ўніверсітэта і ўсяго горада не так проста. У БДЭУ, дзе разам з завочнікамі вучыцца больш за 17 тысяч чалавек, наогул не самая простая сітуацыя з засяленнем студэнтаў: месцаў хапае толькі для 51,3% дзяўчат і хлопцаў. Кожны, хто атрымаў месца ў інтэрнаце, вельмі цэніць гэта і стараецца замацавацца на ім, вылучаючыся вучобай, паводзінамі, удзелам у грамадскім жыцці. Спрыяе гэтаму і невысокая штомесячная плата. Зараз яна складае 27,6 рубля ў месяц за месца ў інтэрнаце № 1. Пры гэтым няважна, вучыцца студэнт на бюджэтным ці пазабюджэтным аддзяленні, галоўныя крытэрыі, як я ўжо сказала, іншыя.

І, зразумела, тыя, хто мае льготы — сіроты і г.д., атрымліваюць месцы адразу. А рашэнне аб засяленні прымае дэканат разам са студсаветам факультэта.

Не апошняе слова ў вырашэнні гэтага пытання мае студэнцкі савет інтэрната, які ўзначальвае трэцякурсніца Вольга Маісеенка. Савет вырашае пытанні пакарання тых, хто праштрафіўся, скажам, карыстаўся забароненымі электрапрыборамі, і заахвочвання тых, хто, напрыклад, вылучыўся ў спорце, грамадскай дзейнасці, навуковай рабоце. Максімальна часта ў пасяджэннях савета стараюцца ўдзельнічаць дэкан факультэта Сяргей Іванавіч Скрыба і яго намеснік Аляксандр Іванавіч Ярчак. Нярэдка наведваюць інтэрнат і куратары курсаў.

Ад бібліятэкі да музея

— Мы, як і адміністрацыя УВА, імкнёмся ведаць пра кожнага студэнта як мага больш, — гаворыць загадчык інтэрната Людміла Пятроўна Кароткая. — І пра вучобу, і пра захапленні, і пра сям’ю, каб лепш улічваць іх інтарэсы і патрэбнасці. Нядаўна наш выхавальнік Таццяна Уладзіміраўна Казак разам са студэнтамі-актывістамі правяла анкетаванне жыхароў інтэрната і была здзіўлена таму, як актыўна студэнты на яго адазваліся. Высветлілася, напрыклад, што некаторыя жадаюць сустрэцца з псіхолагам, таму мы плануем у хуткім часе стварыць псіхалагічны праект.

“Усіх, хто ўпершыню засяляецца ў інтэрнат, мы аўтаматычна ўключаем у нашу групу “УКантакце”, — дадае Т.У.Казак, — каб прыцягнуць да агульнага жыцця, падтрымаць.

У групе размяшчаем усе аб’явы, навіны, абмяркоўваем спрэчныя пытанні. Ёсць група і ў “Інстаграме”.

 

общежитие 1_2

На момант нашага наведвання інтэрната ў адным з агульных пакояў былі раскладзены малюнкі тутэйшых жыхароў, якія раней удзельнічалі і зараз збіраюцца ўдзельнічаць ва ўнутрыінтэрнацкай выставе. Таксама ў пакоі ёсць тэлевізар і абсталяванне для гуртка караоке, які арганізавалі самі студэнты. Дарэчы, усе гурткі арганізоўваюць студэнты. І, канечне, яны бясплатныя. А ўвогуле, ініцыятыўнай моладзі хапае. Якраз з адной такой энтузіясткай, аматаркай фітнесу, першакурсніцай Сашай Буранковай мы і пазнаёміліся. Яна не толькі любіць фітнес, але і далучае да заняткаў іншых. Дзяўчына паказала нам блок, у якім жыве і якім цалкам задаволена.

На кожным паверсе адна са сцен занята фотаздымкамі на тэму адпачынку на канікулах, з выявамі хатніх любімцаў, змешчана выстава работ студэнта, які ўжо даўно займаецца мастацкай фатаграфіяй. Ёсць у інтэрнаце і свая бібліятэка, якая адкрылася не так даўно. Пакуль яна невялікая, але пастаянна папаўняецца. Так, зусім нядаўна ў ёй з’явілася кніга, якую на Міжнароднай мінскай кніжнай выставе-кірмашы выйграла адна з жыхарак інтэрната.

Але, бадай, самы цікавы пакой гэтага дома для студэнтаў — музей беларускага побыту і культуры, дзе сабраны карціны, кнігі, рэчы штодзённага ўжытку нашых продкаў, мастацкія вырабы, засушаныя травы, з якіх беларусы традыцыйна гатуюць чай. Студэнты збіралі ўсё самі, і работа гэтая працягваецца. Атрымліваецца цікава, прыгожа. А галоўнае — музей жывы, актыўна выкарыстоўваецца. Так, Максім Майсюк, студэнт БДЭУ, які жыве ў інтэрнаце, вялікі прыхільнік беларускай мовы і культуры, у Міжнародны дзень роднай мовы праводзіў тут мерапрыемства для студэнтаў. Арганізавала ж музей трэцякурсніца Валерыя Мурына (адкрыўся ён у кастрычніку). Экскурсіі на рускай і беларускай мовах для жадаючых таксама праводзяць Лера і Максім.

общежитие 1_3

А яшчэ студэнты ездзяць на экскурсіі, якія таксама самі арганізоўваюць, разам наведалі футбольны матч “Беларусь — Іспанія”, пабывалі на рыцарскім турніры ў Лідскім замку. Пры гэтым жыхары інтэрната № 1 далучаюць да сваіх заняткаў і іншых студэнтаў, у тым ліку замежных. Так, нядаўна падчас Тыдня беларускай кухні ў музеі інтэрната правялі “Дранік-батл” для ўсіх жадаючых студэнтаў факультэта.

— Студсавет — гэта мая правая рука, а Таццяна Уладзіміраўна актыўна займаецца выхаваўчай работай. Яна настолькі захоплена справай, што нярэдка застаецца ў інтэрнаце да позняга вечара, — гаворыць напрыканцы нашай экскурсіі ў інтэрнат Л.П.Кароткая.

***У розныя гады ў гарадскім аглядзе-конкурсе перамагалі розныя інтэрнаты розных навучальных устаноў. Па выніках конкурсу 2015 года пераможцам быў інтэрнат № 2 Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі, 2014-га — інтэрнат № 10 Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. І калі былыя і цяперашнія пераможцы і лаўрэаты не будуць зніжаць планку, то хутка пра многія інтэрнаты можна будзе сказаць, што яны лепшыя.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Источник: https://nastgaz.by/dom-u-yakіm-mi-jivem/

Об авторе: ADM